ХЕРСАНЕ́С ТАЎРЫ́ЧАСКІ (грэч. Chersonēsos, у сярэднія вякі Херсон, Корсунь),
старажытны горад у Крыме (цяпер у межах г. Севастопаль). Засн. ў 422—421 да н.э. грэкамі-перасяленцамі з Гераклеі Пантыйскай. У 5—1 ст. да н.э.поліс, у 1—4 ст.н.э. — арыстакратычная рэспубліка. Насельніцтва горада займалася рыбалоўствам, вінаградарствам, рамяством і гандлем (пераважна хлебам). У 4—3 ст. да н.э. пад яго кантролем знаходзіліся гарады Керкінітыда, Калос-Лімен і шэраг умацаванняў. У гэты час горад займаў плошчу каля 27 га, меў акропаль, агору, каля 20 тыс. жыхароў. У канцы 2 ст. да н.э., каб адбіцца ад скіфаў, горад прызнаў панаванне Пантыйскага царства. З 63 да н.э. залежаў ад Рыма, з канца 4 ст.н.э. — ад Візантыі. Найб. росквіту дасягнуў у 5—пач. 7 ст., калі адноўлены ўмацаванні, пабудаваны буйныя базілікі. У 5—11 ст. Х.Т. — самы вялікі горад Паўн. Прычарнамор’я, цэнтр распаўсюджвання хрысціянства. У пач. 8 ст. падпарадкаваны хазарамі. У 989 быў захоплены войскамі кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча. Апошні перыяд росквіту — 2-я пал. 9—12 ст.: пашыраны порт, будаваліся новыя храмы, выпускаліся ўласныя грошы. У сярэдзіне 12 ст. трапіў пад уладу полаўцаў, з пач. 13 ст. — Трапезундскай імперыі. У 1299 разбураны ханам Нагаем, у канцы 14 ст. — Едыгеем. Археал. раскопкамі (пачаты ў 1827, сістэматычныя з 1876) выяўлены муры, вежы, кварталы з дамамі і майстэрнямі, ант. тэатр, больш за 50 хрысц. храмаў (4—15 ст.), некропаль і інш.; эпіграфічныя помнікі — прысяга херсанесцаў (пач. 3 ст. да н.э.), дэкрэты ў гонар Дыяфанта (канец 2 ст. да н.э.), фрагменты жывапісу, мазаікі і інш.